Сайт города Новолукомля

24.08.2009 - Дэлегатамі на Беларускі еўрапейскі форум абіраюць моладзь

Шлях ЕуразвязаУ Беларусі ладзяцца раённыя сходы па вылучэнні дэлегатаў на Беларускі еўрапейскі форум. На выходных сваіх прадстаўнікоў на Форум абралі жыхары Чашнікаў, Новалукомля і Барысава.

На сходзе па вылучэнні дэлегатаў ад Чашнікаў і Новалукомля прысутнічалі намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч, каардынатар аргкамітэта Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя па Віцебскай вобласці Тацяна Севярынец, грамадскі актывіст Хрыстафор Жэляпаў.

Мясцовыя актывісты абралі пяць асобаў, якія будуць прадстаўляць іх інтарэсы на Беларускім еўрапейскім форуме. Сярод дэлегатаў – дэпутат Новалукомльскага гарадскога савета.

Што тычыцца дыскусійнай часткі сходу, то прысутных найперш цікавілі пытанні, звязаныя з эканамічным крызісам, зменамі, якія адбываюцца ў Беларусі. Абмяркоўваўся бягучы стан спраў у Аб’яднаных дэмакратычных сілах, перспектывы дзейнасці як структуры ў цэлым, так і яе асобных суб’ектаў. Натуральна, не засталіся па-за ўвагаю мясцовыя праблемы.

У Барысаве раённы сход з дваццаці трох чалавек вылучыў на Беларускі еўрапейскі форум адзінаццаць дэлегатаў. Арганізатар сустрэчы Сяргей Салаш распавёў, што папярэдне была праведзеная інфармацыйная праца – усім зацікаўленым асобам было паведамлена аб мяркуемым часе і месцы правядзення сходу. Акрамя асноўнай – выбарчай часткі, удзельнікі сходу абмеркавалі актуальныя праблемы, адмыслова разглядаліся магчымасці, якія дасць Беларусі ўдзел у праграме “Усходняе партнёрства”. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі розных грамадскіх арганізацый, незалежных прафсаюзаў, партый.

Але не абышлося і без перашкод. Арганізатары сходу папярэдне дамовіліся на арэнду памяшкання ў офісе мясцовых НДА. Аднак перад пачаткам сустрэчы выявілася, што брама ў двары была зачыненая, побач дзяжурыла машына з танаваным шклом. У выніку раённы сход прайшоў на адкрытым паветры. Сяргей Салаш лічыць, што нягледзячы на такую замінку, мерапрыемства адбылося ў паўнавартасным фармаце і на пазітыўнай хвалі.

Цікавы факт: падаўляючая большасць дэлегатаў, абраных на Беларускі еўрапейскі форум ад Чашнікаў, Новалукомля і Барысава – гэта маладыя людзі ва ўзросце да трыццаці пяці гадоў.

http://www.mikinkevich.org/
Опубликовано на сайте: http://novolukoml.com
Прямая ссылка: http://novolukoml.com/index.php?name=News&op=view&id=306